Адной з ключавых дат у гісторыі суверэннай Беларусі З'яўляецца 15 сакавіка 1994 г.
У гэты дзень была прынята Канстытуцыя, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы падмурак незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.
Канстытуцыя 1994 г. дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.
На аснове Канстытуцыі фарміруецца ўся сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў, а таксама межы прававога рэгулявання.
Дзеючая Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, адзначыла новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і права, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.
